Перайсці да асноўнага змесціва

Як ісці за Богам? Як Бог хоча, каб мы жылі?

Woman reading bible

З гадамі ў нас часта ўзнікаюць думкі пра тое, як правільна жыць, як належна паступаць, дзе шукаць шчасця і сапраўднага сэнсу жыцця. Мы не знаходзім задавальнення ні ў дарагіх набытках, ні ў сваіх дасягненнях…

Мы чулі пра тое, што Ісус ратуе наша жыццё. Ці дастаткова гэтага, ці нам самім таксама трэба нешта рабіць?

Біблія апісвае шлях асобных людзей і цэлых народаў ад пачатку часоў і дазваляе скласці даволі яснае ўяўленне пра тое, хто такі Бог, навошта Ён стварыў нас і чаго Ён ад нас чакае. Але пачнем з пачатку.

Разгледзім дзесяць запаведзяў са Старога Запавету, якія Бог перадаў нам праз Майсея. Дзесяць запаведзяў былі дадзены людзям тысячы гадоў таму. Яны кароткія і простыя і служаць выдатным пачаткам для тых, хто хоча ведаць, чаго Бог ад нас хоча.

  1. Хай не будзе ў цябе іншых багоў апрача Мяне.
  2. Не пакланяйся вобразу чаго б там ні было…
  3. Не ўзгадвай імя Пана, Бога твайго, марна.
  4. Памятай дзень суботні, каб свяціць яго.
  5. Шануй бацьку твайго і маці тваю.
  6. Не забівай.
  7. Не чужаложнічай.
  8. Не крадзі.
  9. Не сведчы ілжыва на бліжняга твайго.
  10. Любі бліжняга твайго, як самога сябе.

 

Перш чым разгледзець кожную запаведзь падрабязна, звернемся да пазнейшых Пісанняў, каб пачуць слова пра гэтыя запаведзі ад Ісуса Хрыста, адзінага Сына сапраўднага Бога.

36Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе?
37Ісус жа сказаў яму: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім»;
38гэта найбольшая і першая запаведзь;
39а другая падобная да яе: «палюбі блізкага твайго, як самога сябе»;
40на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.
( МАЦЬВЕЯ 22:36-40 )

Паводле Ісуса, асновай усіх запаведзяў, якія мы будзем разглядаць, з’яўляюцца любоў і клопат пра іншых.

1. Хай не будзе ў цябе іншых багоў апрача Мяне. Або: Любі Пана, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім.

На працягу ўсёй гісторыі людзі стваралі багоў са срэбра, золата, дрэва, гліны і пакланяліся ім з дапамогай складаных абрадаў, прыносячы ў ахвяру нявінных жывёл і людзей, часта нованароджаных… У наш час самыя пашыраныя багі, ці ідалы, — гэта багацце і ўлада. Служачы гэтым ідалам, мы думаем толькі пра тое, як займець яшчэ больш грошай або ўлады, хоць ужо маем дастаткова. Мы адварочваемся ад дапамогі іншым, губляем спачуванне да сяброў, суседзяў, людзей у нястачы. А нам трэба ставіць на першае месца Бога. Любоў — на першае месца.

37Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне;
38і хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе сьледам за Мною, той ня варты Мяне.
39Хто зьберагае душу сваю, страціць яе; а хто страціў душу сваю за Мяне, зьберажэ яе.
( МАЦЬВЕЯ 10:37-39 )

Што значыць любіць Бога і ставіць Яго на першае месца? Калі мы не бачым Бога ў штодзённым жыцці і не чуем Яго, як мы можам Яго любіць? Дзе нам знайсці Бога?

Мусіць, цяжэй зразумець нашага Бога са Старога Запавету, дзе Яго клопат пра нас часта ўспрымаўся як бессэнсоўны набор строгіх правілаў і забаронаў. Але Ісус сышоў на зямлю, каб паказаць нам сапраўдны вобраз нашага Айца, нашага Бога.

7Калі б вы ведалі Мяне, дык ведалі б і Айца Майго. І ад сёньня ведаеце Яго, і бачылі Яго.
( ЯНА 14:7 )

Таму, каб зразумець, хто такі Бог, нам трэба больш даведацца пра Ісуса Хрыста, пра Яго жыццё і Яго гісторыю ў Новым Запавеце.

Што значыць любіць Бога?

15Калі любіце Мяне, захавайце Мае запаведзі,
( ЯНА 14:15 )

І тое ж самае рабіў сам Ісус. Каб паказаць свету, што Ён любіць Айца, Ён памёр на крыжы, бо Айцец папрасіў Яго пра гэта.

31Але каб сьвет ведаў, што Я люблю Айца, і, як наказаў Мне Айцец, так і твару: устаньце, пойдзем адгэтуль.
( ЯНА 14:31 )

Пакажам сваю любоў да Ісуса, які сышоў, каб прадставіць Бога на зямлі. Будзем вывучаць Яго справы, каб зразумець сапраўдны сэнс любові. А плёнам такой любові будзе выкананне Яго запаведзяў.

7Любасныя! будзем любіць адно аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога;
( 1 ЯНА 4:7 )

2. Не пакланяйся вобразу чаго б там ні было

4Не рабі сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе ўгары, і што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі;
5не пакланяйся ім і ня служы ім, бо Я Гасподзь, Бог твой, Бог руплівец, Які карае дзяцей за віну бацькоў да трэцяга і чацьвёртага роду, што ненавідзяць мяне,
6і Які чыніць мілату тысячам родаў, што любяць Мяне і шануюць запаведзі Мае.
( ВЫХАД 20:4-6 )

Вельмі цяжка ўстаяць перад спакусай пакланяцца таму, што мы бачым на свае вочы. Акрамя таго, што мы робім выявы ідалаў, мы любім схіляцца перад выявамі святых, цалаваць выяву Ісуса Хрыста і Яго маці Марыі. І гэта вядзе нас да ілжывага ўяўлення пра тое, хто такі Бог… Наш Бог — не тая выява ў царкве, якая можа згарэць або якую могуць украсці. Бог — не Біблія, не Тора, не Каран і не якая-небудзь іншая кніга ці пісанне.

Калі мы ўкладаем сваю любоў, веру і надзею ў выяву чагосьці, то, калі гэтая выява знікне, памрэ і наша надзея. Мы забываем, што Бога ніхто ніколі не бачыў. Ніхто не ведае, як выглядаў Ісус Хрыстос. Калі б знешнасць Ісуса была такой важнай, хіба Бог не даў бы ў Бібліі падрабязнага Яго апісання?..

Насамрэч Ісус наўрад ці быў падобны на тое, што мы бачылі на якіх-небудзь Яго выявах. Бо ў Яго знешнасці не было нічога адметнага… Ісуса не задумвалі пазнаваць і памятаць па Яго вонкавым выглядзе. Вось апісанне Месіі , які павінен быў прыйсці, у прарока Ісаі.

2Бо ён узышоў перад Ім, як атожылак і як росьцік з сухой зямлі; няма ў Ім ні выгляду, ні велічы; і мы бачылі Яго, і ня было ў Ім выгляду, які вабіў бы нас да Яго.
( ІСАІ 53:2 )

Бог не хоча, каб мы пакланяліся якім-небудзь выявам чаго б там ні было. Ён хоча, каб мы ведалі, што Бог — гэта любоў і што Бог можа жыць у нас. Нам не патрэбныя ніякія рэчы, каб імі валодаць, або выявы, каб на іх глядзець, каб размаўляць з Ім і быць з Ім. Бедныя і багатыя, здаровыя і людзі з інваліднасцю — усе маюць аднолькавы доступ да Бога.

8хто ня любіць, той не спазнаў Бога, таму што Бог ёсьць любоў.
( 1 ЯНА 4:8 )
16І мы спазналі любоў, якую мае да нас Бог, і паверылі ў яе. Бог ёсьць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.
( 1 ЯНА 4:16 )

Мы запрашаем Бога быць з намі назаўсёды, і нішто не можа адлучыць нас ад Яго.

3. Не ўзгадвай імя Пана, Бога твайго, марна

7Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя Яго марна.
( ВЫХАД 20:7 )

«Імя» ў гэтым кантэксце азначае вобраз і рэпутацыю. Вельмі лёгка няправільна вытлумачыць і няправільна зразумець Пана, нашага Бога. Калі мы ўвесь час чуем «Богам клянуся…» ці «Божа мой, гэта…», «Бог зрабіў са мной вось што…», «Бог — гэта выдумка з казак» або самі ўжываем Божае імя марна, нават проста кажучы, не маючы гэтага на ўвазе, мы губляем разуменне святасці і магутнасці Бога. А разам з гэтым губляем і надзею знайсці Яго.

12Не прысягайце імем Маім у хлусьні, і не зьневажай імя Бога твайго. Я Гасподзь.
( ЛЯВІТ 19:12 )
4Я навёў яго, кажа Гасподзь Саваоф, і ён увойдзе ў дом злодзея і ў дом кляцьбіта Маім імем ілжыва і застанецца ў доме ў яго, і зьнішчыць яго і дрэвы ягоныя і камяні ягоныя.
( ЗАХАРЫІ 5:4 )

4. Памятай дзень суботні, каб свяціць яго

Што мы ведаем пра суботу з Бібліі?

12даў ім таксама суботы Мае, каб яны былі азнакаю паміж Мною і імі, каб ведалі, што Я - Гасподзь, Які асьвячае іх.
( ЕЗЭКІІЛЯ 20:12 )
22І ня выносьце ношак з дамоў вашых у дзень суботні, не рабеце ніякае працы, сьвяткуйце дзень суботні так, як Я наказаў бацькам вашым,
23якія, зрэшты, не паслухаліся і не прыхілілі вуха свайго, а зрабіліся цьвердалобымі, каб ня слухацца і ня прымаць настаўленьня.
24І калі вы паслухаецеся Мяне ў тым, кажа Гасподзь, каб не насіць ношак праз брамы гэтага горада ў дзень суботні і каб сьвяткаваць суботу, ня робячы ў гэты дзень ніякае працы:
( ЕРАМІІ 17:22-24 )

І вось гэта.

13Калі ты ўтрымаеш нагу тваю дзеля суботы ад выкананьня прымхаў тваіх у сьвяты дзень Мой, і будзеш называць суботу радасьцю, сьвятым днём Гасподнім, шанавальным, і ўшануеш яе тым, што ня будзеш займацца звычнымі тваімі справамі, дагаджаць тваёй прыхамаці і пустасловіць,
( ІСАІ 58:13 )

Субота была дадзена нам, каб адпачыць ад штодзённай мітусні, не турбавацца пра справы і працу і вызваліць галаву ад цяжару гэтага свету… Аднак мы, безумоўна, тысячы гадоў скажалі сэнс суботы… Запаведзь, якая мусіла дапамагаць нам здымаць цяжар з думак і расчышчаць шлях да Бога, людзі выкарыстоўвалі як сродак караць іншых.

7А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці не ацаліць у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне супроць Яго.
( ЛУКАША 6:7 )

Як ужо гаварылася вышэй, гэта не той дзень, у які мы шукаем выгады для сябе або для сваёй справы. А што рабіць, калі камусьці патрэбная наша дапамога ў дзень, калі працаваць нельга?

9Тады сказаў ім Ісус: спытаюся Я ў вас: што трэба рабіць у суботу? дабро ці зло? выратаваць душу, ці загубіць? Яны маўчалі.
( ЛУКАША 6:9 )
10І паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму чалавеку: падай руку тваю. Той так і зрабіў: і стала рука ў яго здаровая, як другая.
( ЛУКАША 6:10 )

Будзем захоўваць суботу як дзень, у які мы не працуем і не шукаем ніякай выгады для сябе. Але нават у суботу не будзем ухіляцца ад працы, калі яна дапамагае камусьці іншаму.

5. Шануй бацьку твайго і маці тваю

Калі мы сталеем, роля бацькоў і іх месца ў нашым жыцці робяцца меншымі. Цяпер, калі мы ўжо дарослыя, мы лепш разумеем, што бацькі насамрэч мелі рацыю, калі нечаму нас вучылі, але каб гэта зразумець, нам спатрэбіліся гады — тая розніца ва ўзросце паміж намі і імі. А цяпер, калі яны старэюць, ім усё цяжэй хадзіць, спаць і нават дыхаць, а смех дзяцей, які яны так любілі чуць, пакінуў іх дом разам з дзецьмі. І мы ўсё яшчэ на гады адстаём ад таго, каб зразумець іх смутак.

Бог любіць нас, але Ён любіць і нашых бацькоў і хоча, каб ім было добра. Дык давайце дапаможам Яму і аддадзім крыху любові тым, хто шчодра даваў нам сваю любоў, і хоць трошкі дапаможам ім расквеціць старасць, якую мы і самі хутка сустрэнем.

8Калі ж хто пра сваіх і асабліва пра хатніх ня дбае, той выракся веры і горшы за нявернага.
( 1 ЦІМАФЕЯ 5:8 )

6. Не забівай

Тут мала што можна дадаць, хіба толькі тое, што нельга забіваць не толькі фізічна, але і духоўна. Наадварот, нам трэба любіць сваіх бліжніх, а таксама сваіх ворагаў, падтрымліваць іх і дапамагаць ім дасягаць поспеху.

7. Не чужаложнічай

Тут мы цытуем самога Ісуса.

27Вы чулі, што сказана продкам: «Ня чыні пералюбу».
28А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб зь ёю ў сэрцы сваім.
29Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
30І калі правая твая рука спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
( МАЦЬВЕЯ 5:27-30 )

І апостала Паўла.

3Бо воля Божая ёсьць асьвячэньне вашае, каб вы ўстрымліваліся ад распусты;
4каб кожны з вас умеў захоўваць свой сасуд у сьвятасьці і гонары,
5а не ў запале пахацінства, як язычнікі, што ня ведаюць Бога;
6каб вы ні ў чым не паводзіліся з братам сваім супрацьзаконна і карысьліва: бо Гасподзь - мсьцівец за ўсё гэта, як і раней мы казалі вам і сьведчылі.
( 1 ФЕСАЛОНІКІЙЦАЎ 4:3-6 )

8. Не крадзі

Не крадзі ніякіх рэчаў. Не адбірай у іншых хлопца ці дзяўчыну. Не адбірай ні ў кога права на свабоду, на месца пад небам…

Не затрымлівай платы таму, каго ты наняў.

13Ня крыўдзі блізкага твайго і не рабуй. Плата найміту не павінна заставацца ў цябе да раніцы.
( ЛЯВІТ 19:13 )

І памятай.

2Не даюць карысьці скарбы няправедныя, а праўда ратуе ад сьмерці.
( ВЫСЛОЎІ 10:2 )
10ні ліхазьдзірцы, ні зладзеі, ні п'яніцы, ні ліхасловы, ні драпежнікі - Царства Божага не спадкуюць.
( 1 КАРЫНФЯНАЎ 6:10 )

9. Не сведчы ілжыва на бліжняга твайго

Або, калі коратка, не хлусі… Бывае, што мы думаем, быццам нехта відавочна зрабіў нешта дрэннае, і дадаем да сваіх слоў больш, чым насамрэч бачылі ці чулі, руйнуючы чалавеку жыццё. Бог перасцерагае нас ад гэтага.

18Што молат і меч і вострая страла, тое чалавек, які сьведчыць ілжыва супроць блізкага свайго.
( ВЫСЛОЎІ 25:18 )
9Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня; і хто гаворыць няпраўду, загіне.
( ВЫСЛОЎІ 19:9 )
25Таму, адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы чэлесы адзін аднаму.
( ЭФЭСЯНАЎ 4:25 )
1Не зважай на пустыя чуткі, не давай рукі тваёй бязбожніку, каб ня быць сьведкам няпраўды.
( ВЫХАД 23:1 )

10. Любі бліжняга твайго, як самога сябе

У Старым Запавеце мы бачым спрошчанае разуменне гэтай запаведзі.

17Ня прагні дому блізкага твайго; ня прагні жонкі блізкага твайго, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, нічога, што ў блізкага твайго.
( ВЫХАД 20:17 )
18Ня помсьці і ня май намыслу на сыноў народу твайго, любі блізкага твайго, як самога сябе. Я Гасподзь.
( ЛЯВІТ 19:18 )

Аднак, як мы ўжо ведаем ад Ісуса, гэтая запаведзь — аснова Закона, пра што нагадвае і Павел.

14Бо ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: «любі блізкага твайго, як самога сябе».
( ГАЛЯТАЎ 5:14 )

Цяжка пераацаніць гэтую запаведзь. І ў той жа час яе цяжка выканаць. Будзем уважлівыя да тых, хто побач з намі. Не адварочвайцеся ад тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. Гэта благаслаўленне — мець магчымасць дапамагаць тым, хто ў нястачы.

Нам уласціва заглядацца на багацці гэтага свету. Навіны гэтага свету засяроджаныя на паспяховых, багатых людзях, акцыях і рынках… Сачэнне за імі прыносіць нам трывогу, зайздрасць, нецярплівасць і высушвае нас знутры. І нашых бліжніх там няма. Нашых бліжніх няма ў навінах. Часта гэта бедныя людзі, якія шчыра ўдзячныя за ежу, што ім дастаецца, бо дастаецца яе няшмат. Яны дзякуюць Богу за яшчэ адзін дзень жыцця для свайго паміраючага дзіцяці. Яны славяць Бога за новага сябра, бо людзі часта іх пазбягаюць. Яны радуюцца адзінаму слову падтрымкі, бо чуюць такіх слоў няшмат у турме, дзе некаторыя з іх знаходзяцца. Бо наш Бог — з гэтымі людзьмі, а таксама з тымі, хто клапоціцца пра тых, хто побач.

17Міласэрны да беднага пазычае Госпаду; і Ён аддасьць яму за дабрачынства ягонае.
( ВЫСЛОЎІ 19:17 )

Дапамога бліжнім у нястачы — вось што запаўняе пустэчу ўнутры нас. І вось што набліжае нас да Бога.

Агледзімся вакол. Мы ўбачым калег, членаў сям’і, суседзяў, бедных людзей на вуліцах. Калі мы дапамагаем гэтым людзям побач з намі, мы дапамагаем Богу.

35бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне;
36быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.
37Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: «Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасьмяглага і напаілі?
38калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі?
39калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?».
40І Цар скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне».
( МАЦЬВЕЯ 25:35-40 )
12І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабеце ім; бо ў гэтым закон і прарокі.
( МАЦЬВЕЯ 7:12 )
27А вам, хто слухае, кажу: любеце ворагаў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым,
( ЛУКАША 6:27 )

Вось і ўсе дзесяць запаведзяў — дзесяць простых настаўленняў, якія Бог даў нам даўным-даўно. Яны дадзены нам Тым, хто любіць нас і клапоціцца пра нас. Дзесяць запаведзяў — добры пачатак, каб ужо цяпер пачаць ім следаваць і глыбей зразумець, хто такі Хрыстос, які паказаў нам сапраўдны сэнс Закона і бязгрэшнага жыцця.

Мы вельмі раім прачытаць у Бібліі Евангелле, якое расказвае пра зямное жыццё, смерць і ўваскрасенне Ісуса Хрыста.

А ніжэй прыведзены некалькі цытат са Старога і Новага Запаветаў, якія могуць дапамагчы нам яшчэ лепш наладзіць сваё жыццё.

9Кожны, хто пераступае вучэньне Хрыстовае і ня жыве ў ім, ня мае Бога; а хто жыве ў вучэньні Хрыстовым, той мае і Айца і Сына.
( 2 ЯНА 1:9 )
14Як паслухмяныя дзеці, ня кіруйцеся ранейшымі пажаданьнямі, якія былі ў няведаньні вашым,
15а на прыклад Сьвятога, Які паклікаў вас, і самі будзьце сьвятыя ва ўсіх учынках;
( 1 ПЯТРА 1:14-15 )
11і рупліва дбаць пра тое, каб жыць ціхмяна, рабіць сваю справу і працаваць сваімі рукамі, як мы наказвалі вам;
12каб вы паводзіліся прыстойна перад чужымі і ні ў чым патрэбы ня мелі.
( 1 ФЕСАЛОНІКІЙЦАЎ 4:11-12 )

Адна з самых цяжкіх рэчаў — зразумець, для чаго насамрэч наша багацце…

13Вось, ці не ад Госпада Саваофа тое, што народы працуюць дзеля агню і плямёны мучаць сябе дарэмна?
14Бо зямля напоўніцца спазнаньнем славы Госпада, як воды напаўняюць мора.
( АБАКУМА 2:13-14 )
7Бо мы нічога ня прынесьлі ў сьвет; ясна, што нічога ня можам і вынесьці зь яго.
8Маючы наедак і вопратку, будзем задаволеныя гэтым.
9А ахвотнікі ўзбагачацца ўпадаюць у спакусу і ў нерат і ў многія безразважныя і шкодныя пажадлівасьці, якія ўкідаюць чалавека ў паглум і пагібель;
10бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя ўхіліліся ад веры і самі на сябе наклікалі многія смуткі.
( 1 ЦІМАФЕЯ 6:7-10 )

Будзь пакорлівы і не думай пра сябе высока.

6Ганарліва не выстаўляйся перад абліччам цара і на месца вялікіх не станавіся;
7бо лепей хай скажуць табе: «узыдзі сюды вышэй», чым калі прынізяць цябе перад знакамітым, якога ўбачылі вочы твае.
( ВЫСЛОЎІ 25:6-7 )
27Як нядобра есьці многа мёду, так дамагацца славы ня ёсьць слава.
( ВЫСЛОЎІ 25:27 )
2сыне чалавечы! якую перавагу мае дрэва вінаграднай лазы перад усякім іншым дрэвам і вецьце вінаграднай лазы - сярод дрэў у лесе?
3Ці бяруць ад яго кавалак на які-небудзь выраб? Ці бяруць ад яго хоць на цьвік, каб вешаць на ім якую-небудзь рэч?
4Вось, яно аддаецца агню, каб зьеў яго; абодва канцы яго агонь зьеў, і абгарэла сэрца яго; ці прыдатнае яно на які-небудзь выраб?
5І тады, як яно было цэлае, не прыдавалася ні на які выраб; тым болей, калі агонь зьеў яго, і яно абгарэла, ці прыдатнае яно на які-небудзь выраб?
( ЕЗЭКІІЛЯ 15:2-5 )
6Але тым большую дае мілату; таму і сказана: «Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату».
7Дык вось, упакорцеся Богу; усупраціўцеся д'яблу, і ўцячэ ад вас;
8да Бога наблізьцеся, і наблізіцца да вас; ачысьціце рукі, грэшнікі, папраўце сэрцы, двудушныя;
( ЯКАВА 4:6-8 )
14Молім вас таксама, браты, настаўляйце на розум бясчынцаў, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце цярплівыя з усімі.
15Глядзеце, каб хто каму не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адно аднаму і ўсім.
18За ўсё дзякуйце: бо такая за вас воля Божая ў Ісусе Хрысьце.
( 1 ФЕСАЛОНІКІЙЦАЎ 5:14,15,18 )
13А вы, браты, ня падайце духам, робячы дабро.
( 2 ФЕСАЛОНІКІЙЦАЎ 3:13 )
16Вось гэтыя шэсьць ненавідзіць Гасподзь, нават сем, - агіда душы Яго:
17вочы ганарыстыя, язык хлусьлівы і рукі, што праліваюць нявінную кроў,
18сэрца, якое куе ліхія намыслы, ногі, якія шпарка бягуць да ліхадзейства,
19ілжывы сьведка, які хлусіць, і той, хто сее разлад між братамі.
( ВЫСЛОЎІ 6:16-19 )
22Сьвяцільня целу ёсьць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык усё цела тваё сьветлае будзе;
( МАЦЬВЕЯ 6:22 )
3Бо будзе час, калі здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху;
( 2 ЦІМАФЕЯ 4:3 )
9А дурных перагаворстваў і радаслоўных звадаў, і спрэчак і калатні вакол закона пазьбягай, бо яны бескарысныя і марныя.
( ЦІТА 3:9 )
2і не прыстастоўвайцеся да веку гэтага, а пераўтварайцеся абнаўленьнем розуму вашага, каб вам спазнаваць што (ёсьць) воля Божая, добрая, прыемная і дасканалая.
( РЫМЛЯНАЎ 12:2 )
5дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсю дбайнасьць, пакажэце ў веры вашай цноту, у цноце разважлівасьць,
6у разважлівасьці ўстрымлівасьць, ва ўстрымлівасьці цярплівасьць, у цярплівасьці пабожнасьць,
7у пабожнасьці браталюбнасьць, у браталюбнасьці любасьць.
( 2 ПЯТРА 1:5-7 )
15Ня любеце зямнога, ні таго, што ў зямным: хто любіць зямное, у тым няма любові Войчай:
16бо ўсё, што зямное: пажада плоці, пажада вачэй і пыха жыцьцёвая, ня ёсьць ад Айца, а ад сьвету (гэтага).
17І зямное мінаецца, і пажадлівасьць ягоная, а той, хто выконвае волю Божую, жыве вечна.
( 1 ЯНА 2:15-17 )

І памятай: што б ты ні рабіў, рабі гэта з Богам у сэрцы.

1Песьня ўзыходжаньня. Саламонава.
Калі Гасподзь ня збудуе дома, марна працуюць будаўнікі яго; калі Гасподзь не ахавае горада, марна чувае варта.
2Дарэмна вы рана ўстаяце, позна праседжваеце, ясьце хлеб журботы, тым часам як любаснаму Свайму Ён дае сон.
( ПСАЛТЫР 126:1-2 )
Біблія (пераклад В. Сёмухі) (ББЛ)